Кракаў
02.09.2023 12:15


Цяпер не толькi Твой абутак, але i адзенне так сама чыстае, не парванае ды камфортнае).

Раней у разважанні Ты адкрыў адказ на маё старое пытанне: дзе ж наша свабода, калі у любым выпадку мы выконваем Тваю Волю?
Ты паказаў, што сапраўдная свабода – гэта нашыя намеры. Сапраўды, мы самі вырашаем з якім намерам мы выконваем нашыя дзеянні ды думкі, не гледзячы нават на тое, што ўсе мы свядома ці несвядома выконваем Тваю волю. У гэтым ёсць сапраўдная свабода Тваіх стварэнняў. Такім чынам, наш намер, з якім мы выконваем цяперашняе дзеянне ці думку, прадвызначае нашу будучыню, згодна з Тваёй Воляй. Будучыня можа быць рознай, ці больш балючай, ці больш радаснай – гэта і ёсць закон Тваёй справядлівасці, закон прычына ды следства.
Калі я правільна Цябе зразумеў, то Твая бязмежная Міласэрнасць праяўляецца ў тым, што, калі нашыя намеры ад усяго сэрца скіраваныя да Цябе і мы цалкам спадзяемся на Тваю Міласэрнасць, то Ты скасоўваеш пакаранне і адорваеш нас рознымі ласкамі. Больш за тое, мы можам нават прасіць Цябе за Іншых і гэта спрацуе! Дзякуючы Табе, тое следства, што мы стварылі сабе сваімі папярэднімі памылкамі, ужо не мае над намі моцы і нараджаецца новая будучыня.

Цікавая Твая механіка свету 🙂.

Калі сёння я запытаў, як навучыцца любіць Цябе больш за ўсе, Ты нагадаў, што любоў – гэта акт волі. Таму, разумеючы ўсё, што Ты адкрыў да гэтага дня, я вырашыў выконваць наступнае практыкаванне:
Кожную гадзіну штодня запісваць у дзённік адказы на наступныя пытанні: 

  1. Што я магу зрабіць для Цябе? Ці мае цяперашнія намеры накіраваныя на тое, як рабіць штосьці Для Цябе? (Нават не дзеянні, як гэта было ў практыкаванні Дзімы Троцкага, а менавіта намеры).
  2. Ці добра я выкарыстоўваю ў дадзены момант свае таленты, здольнасці ды абставіны?

Калі праява любові гэта сапраўды акт волі, то пастаянна ахвяруючы Табе свае дзеянні, я павінен навучыцца больш любіць Цябе.

Я, нарэшце, зразумеў адкуль Твае пакуты. Цябе балюча раніць нявернасць тых, дзеля каго Ты робіш так многа высілкаў. Дакладна так сама як і нам баліць, калі нашыя дзеці ці хтосьці яшчэ з тых, каго мы любім і для якіх робім шмат высілкаў, робяць памылкі ці крыўду ў дачыненні да нас. Тым не менш, калі мы разумныя, то наша любоў нягледзячы на крыўду не змяншаецца. Гэта вельмі добры жыццёвы вопыт, каб зразумець ад чаго пакутуеш Ты. Ты зрабіў улюбёным стварэнням бязмежна многа дабра, таму і боль Твая ад нашай нявернасці так сама бязмежная.

Як толькі я прыйшоў да такой высновы, я ўбачыў як Ты прыпыніўшыся пры дарозе апранаеш новае, чыстае ды камфортнае адзенне. Вось што яно значыла! Цяпер пыл маіх памылак ужо не будзе ляцець на Цябе, бо адзінае, што ў мяне сапраўды есць майго, мае намеры, будуць скіраваныя на выкананне Тваёй Волі.

Абутак ды адзенне ўжо чыстыя 😀, гэта мяне вельмі цешыць 🙂.
Але застаўся стары, брудны, трохі парваны, але яшчэ моцны заплечнік, які Ты зноў адзеў і мы рушылі далей. Спадзяюся, Ты пакажаш, што ён значыць у Тваіх прыкладах)).

Дысклэймер



Для таго, каб чытаць запісы медытацый не адчуваючы вострага жадання выклікаць аўтару санітараў, давядзецца пагадзіцца з тым, што Хрыстус існуе і дзейнічае тут і цяпер. Калі ж не, аўтар не нясе адказнасці за вашыя пачуцці ды высновы).

А сны, яны і ў Афрыцы сны.